Вечна светлы i вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся — і плачам,
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
У. Караткевіч. «Багдановічу»
Максіма Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі. Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў.
Да 130-годдзя з Дня нараджэння Максіма Багдановіча ў школьнай бібліятэцы арганізавана выстава-агляд “Святло паэзіі Максіма Багдановіча”. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з жыццёвым шляхам паэта, пачытаць і паслухаць яго вершы, патрымаць у руках першы і адзіны зборнік вершаў “Вянок”, надрукаваны пры жыцці паэта, паўдзельнічаць у віктарыны па творчасці Максіма Багдановіча.
Выстава будзе працаваць да 8 снежня.