Дык чаруй жа людзей паміж моваў другіх
І гучы вечна, ярка і нова,
Мова продкаў маіх і
Нашчадкаў маіх –
Беларуская родная мова!
А. Ставер
Кожны год 21 лютага ва ўсім свеце пад эгідай ЮНЕСКА адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Мова – гэта тое важнае і важкае, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.
У нашай школе традыцыйна адзначаецца гэта свята. Ужо з самай раніцы пры ўваходзе ў школу ўсіх “прымала ў абдымкі“ акцыя “Шчырае слова”, гучала цудоўная беларуская музыка.
Інфармацыйная група павіншавала са святам жыхароў горада, раздала буклеты.
У школьнай бібліятэцы была арганізавана выстава “Беларуская кніга для вас”. Усім наведвальнікам было прапанавана паўдзельнічаць у акцыі “Перакладаем разам” і атрымаць салодкі прыз.
Шчырыя прыхільнікі роднага слова выказалі сваю любоў да матчынай мовы падчас акцыі “З любоўю да роднага слова”.
З вялікім задавальненнем і вучні, і настаўнікі прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Атмасфера даверу, добразычлівасці, зацікаўленасці панавалі на працягу дня.